ШТО ЎБАЧЫМ І ПАЧУЕМ У ШЧУЧЫНЕ?
Помніцца, калі месцам правядзення Дня беларускага пісьменства было прызначана Глыбокае, я спытаўся: ці будзе належным чынам ушанаваны Вацлаў Ластоўскі, чые заслугі перад беларускім пісьменствам, беларускай кніжнасцю наўрад ці можна перабольшыць?
Сёлета 7 верасня ў Заслаўі абвешчана, што наступны Дзень нашага пісьменства адбудзецца ў Шчучыне.
Удалы выбар. Калі ў падыходзе да гэтага свята пераважыць культурніцкі, а не палітычны, не ідэалагічны падыход, з гэтага свята, як і з ганцавіцкага ды глыбоцкага, можа атрымацца памятная падзея.
Ведама, калі вядзеш гаворку пра Шчучынскі раён, першае імя, якое прыходзіць на памяць, – Цётка. Паэтка, рэдактарка часопіса для падлеткаў і моладзі “Лучынка”, заснавальніца першых беларускіх школ у Віленскім краі...
Нашай увагі да Цёткі, да яе заслугаў, нашай падзякі ёй ніколі не будзе зашмат: яна ў літаральным сэнсе слова жыццё сваё паклала за свой люд. Ды ўсё ж мы павінны памятаць, што панна Алёйзія Пашкевічанка, дачка багатага, але, як сведчыў Антон Луцкевіч, малакультурнага шляхціца, прыйшла, а дакладней вярнулася да свайго народа, звярнулася да яго мовы пад уплывам сына іншага багатага шляхціца – Вацлава Іваноўскага.
Пэўна, ужо ніхто ніколі не скажа, як так сталася, што падлетак Вацюк Іваноўскі, сын цывільнага генерала, адчуў сябе беларусам. І сваю беларускасць гэты хлапчук не саромеўся дэманстраваць у V варшаўскай гімназіі, якая дала не аднаго вядомага дзеяча польскай дзяржавы.
Не зафіксавана, дзе паніч Іваноўскі і панна Пашкевічанка сустрэліся першы раз. Ва ўмовах паліцэйскага рэжыму шляхта і шляхецкая моладзь выкарыстоўвала для сустрэч і абмеркавання сваіх мясцовых і нацыянальных (польскіх!) праблем такія нагоды, як хрэсьбіны, імяніны, вяселлі. Не выключана, што Вацлаў Іваноўскі і Алёйзія Пашкевічанка сталі сябрамі і аднадумцамі пасля аднае з такіх сустрэч. І калі панна Алёйзія пасля вучобы ў Вільні паехала вучыцца ў Пецярбург, там ужо была калонія моладзі з Віленскай губерні, якая пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага пачала была ствараць першую беларускую палітычную партыю і мроіла выдавецкімі праектамі.
Там, у Пецярбургу, у 1902 годзе быў заснаваны Круг беларускай прасветы і культуры. Там былі падрыхтаваныя да друку першыя беларускія кніжкі і брашуры ХХ стагоддзя, якія выйшлі ў свет у 1903 годзе.
Дакладна вядома, што панна Алёйзія, стаўшы беларускай, наварочвала ў сваю новую веру іншых маладых людзей. Так было з Феліксам Стацкевічам. Праўда, гэты малады бунтар, выключаны з універсітэта і высланы з Пецярбурга, не надаў той размове значэння. Ды вось, атрымаўшы дазвол зноў жыць у сталіцы, імперыі Фелікс Стацкевіч увосень 1902 года ад знаёмага студэнта-паляка з карэннай Польшчы даведаўся, што сярод студэнтаў ёсць група беларусаў. Гэты ж паляк і пазнаёміў яго з беларусамі. “Са здзіўленнем, – успамінаў Стацкевіч, – я ўбачыў сярод іх сына аднаго ўласніка не далёкага ад Шчучына маёнтку — паляка Іваноўскага. Яны тлумачылі, што польская шляхта на Беларусі — гэта спольшчаныя беларусы. Я лёгка згадзіўся з імі і з таго часу стаў беларусам”.
Калі аўтар першага беларускага лемантара ХХ ст. Вацлаў Іваноўскі быў першым беларускім кнігавыдаўцом, заснавальнікам і кіраўніком славутай выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а потым старшынёю Беларускага выдавецкага таварыства, дык ягоны зямляк, будучы дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны, страшыня Таварыства беларускай школы і адзін з заснавальнікаў часопіса “Беларускі летапіс” Фелікс Стацкевіч ў бурныя дні рэвалюцыі 1905–1907 гг. быў партыйным друкаром, трымаў нелегальную друкарню Беларускай Сацыялістычнай Грамады на Гандлёвай вуліцы ў Менску. Тыя тысячы ўлётак, якія друкаваў Аганёк (такая была партыйная мянушка Ф. Стацкевіча), не толькі клікалі на змаганне з царызмам, за свабоду і сацыяльную справядлівасць – надрукаваныя па-беларуску, яны будзілі ў сялян, у работнікаў нацыянальную свядомасць.
...Праз год на радзіме Вацлава Іваноўскага і Фелікса Стацкевіча будзем святкаваць Дзень беларускага пісьменства. Цікава, ці прагучаць падчас святкавання імёны Вацлава Іваноўскага ды Фелікса Стацкевіча? Што імя іх таварышкі па партыі і па беларускай справе Цёткі будзе гучаць шматкроць, у гэтым сумненняў няма.