Жаночая канферэнцыя 14 снежня (фота)

14 снежня рабочая група “Жанчыны БСДП” правяла агульнапартыйную жаночую канферэнцыю на тэму “Прапаганда сацыял-дэмакратычных каштоўнасцяў з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій”.
На пачатку канферэнцыі Наста Герыловіч прэзентавала ініцыятыву маладых жанчын – прадстаўніц партый і грамадскіх аб’яднанняў – аб стварэнні “Жаночай сеткі”. Нашы жанчыны з энтузіязмам падтрымалі ідэю і выказалі жаданне далучыцца да новай ініцыятывы.
Экспертам па пытанню выкарыстання інтэрнэт-тэхналогіі для прапаганды сацыял-дэмакратычных каштоўнасцяў выступіла Галіна Старажылава – капірайтэр, рэдактар, інтэрнэт-маркетолаг, валанцёр грамадскай кампаніі “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ”.
Сацыял-дэмакраткі актыўна ўдзельнічалі ў інтэрактыўных формах работы і задавалі шмат пытанняў эксперту. З адказнасцю аднесліся нашы жанчыны да планавання работы ў сацыяльных сетках і прадставілі свае арыгінальныя напрацоўкі. Вызначылі моцныя бакі сайта БСДП і выказалі прапановы, як аптымізаваць яго работу. Жанчыны адзначылі, што для паляпшэння работы сайта нам патрэбна рэдакцыйная калегія і якасны план работы сайта. Таксама неабходна правесці шэраг трэнінгаў для прэс-групы БСДП і запрашаць да супрацоўніцтва валанцёраў - фатографаў, журналістаў, рэдактараў.
Шмат новага ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся і аб тым, як распаўсюдзіць ідэі праз СМІ і займацца піярам.
Карысныя парады і навыкі, якія мы атрымалі пад час канферэнцыі, неабходна цяпер прымяняць на практыцы.
Рабочая група “Жанчыны БСДП” распрацавала планаванне работы на 2015 г. Патрэбна прыкласці шмат намаганняў для рэалізацыі нашых планаў, але мы не сумняемся, што выканаем усё намечанае.
Жанна Семянтовіч, каардынатарка рабочай групы “Жанчыны БСДП”