Перайсці да асноўнага змесціва
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў Думаем пра кожнага - працуем разам!
Думаем пра кожнага - працуем разам!
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў

Форма пошуку

  • Facebook
  • В Контакте
  • Галоўная
  • Партыя
    • Хто мы?
    • Статут БСДП
    • Структура
    • Дакументы
    • Як уступіць у БСДП?
    • Падтрымаць БСДП
    • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
    • БСДП у асобах
    • Бібліятэка сацыял-дэмакрата
  • Кіраўніцтва БСДП
    • Прэзідыум БСДП
    • Цэнтральны камітэт БСДП
    • Цэнтральная Рэвізійная Камісія БСДП
  • Навіны
    • Аналітыка
    • Гісторыя і культура
    • Грамадства
    • Жанчыны БСДП
    • Палітыка
    • Партыйнае жыццё
    • Эканоміка
  • Блогі
  • Выданні БСДП
    • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
    • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Мультымедыя
    • Вiдэа
    • Фота
  • Кантакты
Палітыка

АДСТУПЛЕННЕ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТАЎ, або ЧАГО БАЯЦЦА Ў НЯМЕЧЧЫНЕ?

аўторак, 19 Снежань 2017 19:51 Aўтар: Анатоль СІДАРЭВІЧ Крыніца: livejournal.com


Перш чым адказаць на пытанне, вынесенае ў загаловак, нагадаю, што ўчора 18 снежня прыступіў да выканання сваіх абавязкаў новы ўрад Аўстрыйскай Рэспублікі. У выніку выбараў у сёлетнім кастрычніку перамаглі правыя. Народная партыя на чале з 31-гадовым Себасцянам Курцам) заняла 1-е месца, а Партыя свабоды (ультраправыя, яны ж правыя папулісты) на чале з 48-гадовым Хайнцам-Крысціянам Штрахе выйшла на 3-е месца.

31-гадовага С. Курца нельга лічыць новым ці маладым палітыкам. Ён прыйшоў у партыю ў 17 год і праз 8 гадоў стаў дзяржаўным сакратаром у пытаннях інтэграцыі, а яшчэ праз 2 гады – міністрам замежных спраў, самым маладым у Еўропе і ў гісторыі Аўстрыі. Да таго ж у 2017 ён стаў старшынёю Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. Аўстрыйскія і еўрапейскія праблемы ён ведае добра. І ўкраінскую праблему – таксама, бо ездзіў у так званую зону антытэрарыстычнай аперацыі, пабываў на лініі фронту.

Сёлета ў траўні Курц узначаліў Народную партыю. На выбары кансерватары ішлі пад дэвізам “Спіс Курца – новая Народная партыя”. Курц прыглядаўся не да тых, хто наладжваў шумныя мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку мігрантаў, а да тых, хто маўкліва працаваў і на тыя мітынгі не хадзіў. А такіх людзей было нямала. Іх палохаў наплыў чужаземцаў, якія не заўсёды паводзілі сябе як госці. І не менш палохалі левакі. І Курц, каб перахапіць галасы такіх грамадзян, памяняў тактыку партыі. У адрозненне ад нямецкіх кансерватараў, партыі Ангелы Мэркель, ён заняў больш жорсткую пазіцыю ў міграцыйнай палітыцы. І на выбарах у кастрычніку Народная партыя набрала 31,5 працэнта галасоў – на 7,5 працэнта больш, чым у 2013 г.

Можна сказаць, што Курц перахапіў галасы тых выбаршчыкаў, якія былі гатовыя галасаваць за Партыю свабоды. Але і Партыя свабоды нічога не прайграла. Яна атрымала падтрымку 26 адсоткаў выбаршчыкаў. Гэта на 5,5 працэнта больш, чым у 2013 г.
Такім чынам, правыя і ультраправыя (правыя папулісты) у сумленным змаганні атрымалі падтрымку 57,5 працэнта аўстрыйскіх выбаршчыкаў.

Больш, чым Партыя свабоды, галасоў атрымалі сацыял-дэмакраты. Але не на шмат больш. Іх вынік – 26,9 адсотка. Прырост у параўнанні з 2013 годам – 0,1 працэнта.

Было няцяжка было прадказаць, што ранейшая ўрадавая кааліцыя (Народная партыя і сацыял-дэмакраты) у Аўстрыі распадзецца.

Не будзем гадаць, як будуць развівацца падзеі ў Аўстрыі пасля прыходу да ўлады кабінета Себасцяна Курца. Адзначым толькі што ультраправы Герберт Кікль (Kickl) узначаліў міністэрства ўнутраных спраў, а еўрабюракратам, акрамя Курца, давядзецца мець справу з беспартыйнай міністаркай замежных спраў доктарам Карын Кнайсль (Kneissl), якую ва ўрад рэкамендавала Партыя свабоды. Тым жа, хто хоча стварыць асобную ад НАТО еўрапейскую абаронную структуру, давядзецца гутарыць з ультраправым міністрам абароны Аўстрыі Марыё Кунасэкам (Kunasek).

Цяпер у святле таго, што адбываецца ў Аўстрыі, вернемся да Нямеччыны.

Нагадаю, што ў выніку сёлетніх выбараў кансерватары (Хрысціянска-дэмакратычны саюз Ангелы Мэркель і баварскі Хрысціянска-сацыяльны саюз на чале Хорстам Зэегофэрам) атрымалі 32,9 працэнта галасоў. 12,6 працэнта набрала ультраправая (правапапулісцкая) Альтэрнатыва для Нямеччыны. Пасля перапынку ў Бундэстаг прарвалася Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП), якая атрымала 10,7 адсотка падтрымкі. 8,9 адсотка выбаршчыкаў прагаласавалі за зялёных. Такім чынам, за правых (кансерватараў, ультраправых і лібералаў) выказалася большасць бюргераў. Але кааліцыя хадэкаў і лібералаў з Альтэрнатывай адмяталася з парога. Таму разглядалася магчымасць чорна-жоўта-зялёнага альянсу (колеры ХДС/ХСС, СвДП і зялёных). Аднак перамовы зайшлі ў тупік. Не ў апошні чарод дзеля капрызаў лідэра лібералаў Крысціяна Лінднера.

З увагі на правал кааліцыйных перамоваў і на тое, што сацыял-дэмакраты яшчэ перад выбарамі заявілі аб нежаданні ствараць новую ўрадавую кааліцыю з хадэкамі, Нямеччына паўстала была перад неабходнасцю правесці нечарговыя парламенцкія выбары.

І тут у справу ўмяшаўся федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер. Ён паклікаў да сябе старшыню Сацыял-дэмакратычнай партыі Марціна Шульца. Вынік перамоваў быў той, што эсдэкі паказалі сябе гаспадарамі свайго слова: далі слова не ўступаць у альянс з хадэкамі і адмовіліся ад свайго слова не ўступаць у альянс з хадэкамі.

Сацыял-дэмакратычны прэзідэнт і лідэр сацыял-дэмакратаў – людзі вопытныя і добра ведаюць настроі нямецкага грамадства. Нечарговыя выбары наўрад ці прывялі б да ўзмацнення пазіцыяў сацыял-дэмакратаў. Нагадаю, што эсдэкі атрымалі на апошніх выбарах 20,5 адсотка галасоў – антырэкорд. Са стратамі завяршылі выбарчую кампанію і хадэкі. І ніхто не гарантуе, што іх рэйтынг на нечарговых выбарах павысіцца. Асабліва ўлічыўшы, што паміж ХДС і баварскім ХСС маюцца рознагалоссі, у прыватнасці ў тым самым міграцыйным пытанні. Не лепшае становішча было б і ў лібералаў, асабліва ўлічыўшы, што гэта яны правалілі кааліцыйныя перамовы.

І хадэкі, і эсдэкі, і лібералы, не кажучы пра Левую партыю і зялёных, выдатна разумеюць, у чые ветразі дзьме вецер. Яны баяцца ўмацавання пазіцыяў Альтэрнатывы для Нямеччыны. Тут трэба ўзяць пад увагу і тое, што ва ўсходніх нямецкіх землях (у былой ГДР) правыя папулісты (ультраправыя) на апошніх выбарах у Бундэстаг набралі 21,9 працэнта галасоў – на 5,7 адсотка менш за хадэкаў і на 8 адсоткаў больш за эсдэкаў. Сацыял-дэмакраты сталі ва ўсходніх землях чацвёртай партыяй пасля ХДС, Альтэрнатывы і Левай партыі (паслядоўнікі Розы Люксембург і Карла Лібкнехта набралі 17,8 адсотка). Хто гарантаваў, што на нечарговых выбарах Альтэрнатыва не пацісне сацыял-дэмакратаў і ў заходніх землях?

Не буду тут тлумачыць, чаму пазіцыі правых папулістаў (ультраправых) умацаваліся ў Аўстрыі і Францыі (працэнт, атрыманы Марын Лё Пэн на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, пра гэта вымоўна сведчыць), чаму моцныя пазіцыі правыя занялі ў Венгрыі і Польшчы, чаму кансерватыўныя настроі моцныя ў Чэхіі і Славакіі. Тут хочацца паўтарыць тое, што я пісаў. Герхард Шродэр і шрадэрыянцы гэтак нашкодзілі Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, што ёй наўрад ці наканавана вярнуць былы аўтарытэт у грамадстве. З аднаго боку гульня ў эканамічны лібералізм, з другога – крэн у лявацтва. Гэткая раздвоенасць поспеху не гарантуе. І ўжо каторы раз сацыял-дэмакраты будуць малодшымі партнёрамі хадэкаў.

Калі ў 1966 годзе ў кааліцыю з хадэкамі ўступаў Вілі Брант, сацыял-дэмакраты Нямеччыны з аптымізмам глядзелі наперад, былі ўпэўненыя, што іх лідэр стане федэральным канцлерам. Калі ў кааліцыю з хадэкамі ўступае Марцін Шульц, гэта кажа пра тое, што нямецкія сацыял-дэмакраты ня бачаць іншай перспектывы і што аптымізм пакінуў іх.

Апошнія навіны з гэтай катэгорыі

19.04 1000-летие в долг!
16.04 Новы кіраўнік БСДП Ігар Барысаў: “Не менш за пяць чалавек з Грамады здольныя быць прэзідэнтам...
10.04 Красавіцкія тэзісы аб сельскай гаспадарцы
04.04 Ігар Барысаў: “У партый павінна быць дзяржаўнае фінансаванне”
29.03 100-летие БНР: есть ли повод для гордости?
16.03 Дзень Волі: годзе ўжо скубціся маніфестантам з канцэртнікамі!

БСДП - 25 гадоў!

promo video

Аўтары блогаў

Ігар Барысаў
Андрэй Казановіч
Анатоль Cідарэвіч
Cяргей Адамовіч

Блогi

Ігар Барысаў
Прамова на пасаду старшыні БСДП
Андрэй Казановіч
Віншую вас грамадзяне Лiтвы са знамянальнай датай —...
Так рэагуюць з Палаткi на падзеi у Вучэбным цэнтры...
Беспредел и бесправие граждан в день Конституции.
Ігар Маслоўскі
Нельзя просто так взять и все время воровать победу
Усе блогі

Нумары нашай газеты

№15
№14
№13
Усе нумары

Жанчыны БСДП

Камітэт па правах чалавека ААН...   Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць скаргу...
Образованные женщины в США стали больше...          Женщины с высоким уровнем...
Белорусских женщин в политику и к деньгам... Присутствие женщин в сфере, где принимаются решения, влияющие на...

Катэгорыі

Аналітыка
Гісторыя і культура
Грамадства
Жанчыны БСДП
Палітыка
Партыйнае жыццё
Эканоміка

Партнёры

     

Кампания Право выбора

Партыя

  • Хто мы?
  • Статут БСДП
  • Структура
  • Дакументы
  • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
  • БСДП у асобах

Навiны

  • Партыйнае жыццё
  • Жанчыны БСДП
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Аналітыка
  • Гісторыя і культура

Выданнi БСДП

  • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
  • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Facebook
  • В Контакте
bsdpps@tut.by © БСДП-2018 Усе правы абароненыя