Гісторыя і культура
75 год аднаўлення наземных ваенных дзеянняў на Заходнім фронце Германіі
пятніца, 7 Чэрвень 2019 7:41
Aўтар:

У канцы артыкулу дададзеныя архіўныя фатаграфіі, узятыя зь сайта Бі-Бі-Сі
ДАСЯГНЕННЕ НАЙВЫШЭЙШАГА ПАРАДКУ
75 год таму саюзнікі аднавілі ваенныя дзеянні на Заходнім фронце
Сярод мноства ганебных кніг, што выйшлі ў Беларусі, хачу выдзеліць адну. Пад рэдакцыяй
Аляксандра Кавалені і Мікалая Сташкевіча яна выйшла ў 2004 г., калі афіцыёз рыхтаваўся да
60-годдзя перамогі над Германіяй. У 2005 г. кнігу выдалі на мелаванай паперы і фаліянтам па-
расійску. Мае тая кніга загаловак “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце
Другой сусветнай вайны”).
Не верце загалоўку, бо кантэксту ў той кнізе мінімум. Напрыклад, у параграфе 11
апавядаецца аб прыходзе Чырвонай Арміі ва ўсходнія раёны БССР восенню 1943 г. і зімою 1944
г. У гэты параграф устаўлена, я б сказаў, рэпліка “Праблема адкрыцця другога фронту ў
Еўропе”. Пра тое, што другі фронт у Еўропе адкрыты ў 1943-м, у кнізе ані слова. Далей яшчэ
“лепш”. Аўтары ўжо напісалі пра аперацыю “Баграціён”, расказалі аб гераічнай працы людзей у
савецкім тыле і нарэшце між іншым паведамілі: “Толькі 6 чэрвеня 1944 года амерыканскія,
англійскія і канадскія войскі... высадзіліся на ўзбярэжжы Паўночнай Францыі ў Нармандыі...”.
Цалкам у духу сталінскай гістарыяграфіі. Самае ж прыкрае ў тым, што кніга пад рэдакцыяй
А. Кавалені і М. Сташкевіча прызначана вучнёўскай моладзі.
На шчасце, у наш век кніга Кавалені і Сташкевіча не з’яўляецца адзінай крыніцай
інфармацыі, а іх інтэпрэтацыя падзей Другой сусветнай вайны, хоць і ўзведзена ў ранг
афіцыйнай, – не ісціна ў апошняй інстанцыі.
Мы добра ведаем, што саюзнікі істотна дапамаглі бальшавікам выкараскацца з незайздроснай
сітуацыі, у якую паставілі сябе і народы Савецкага Саюза Сталін ды яго атачэнне. Так,
непасрэдна перад Сталінградскай аперацыяй саюзнікамі была распачата аперцыя ў Паўночнай
Афрыцы. 250 тысяч італьянскіх ды нямецкіх ваякаў, узятых у палон толькі ў Тунісе, – гэта
нешта ды значыць. Перад Курскай бітвай саюзнікі пачалі інтэнсіўныя бамбардзіроўкі Сіцыліі і
Сардыніі, а на пяты дзень бітвы высадкай дэсанту ў Сіцыліі адкрылі немцам другі фронт у
Еўропе. Гэта дало магчымасць савецкаму камандаванню дасягнуць поспеху і разгарнуць
наступленне ва Украіне, а некаторым чырвоным военачальнікам – як генералу бранятанкавых
войскаў Паўлу Ротмістраву – і ўратаваць жыццё (за няўдачу ў танкавай бітве пад Прохараўкай
Сталін ужо занёс быў над ім сваю сякеру).
Гэтак было і ў 1944-м: за 17 дзён да аперацыі “Баграціён” саюзныя войскі высадзіліся ў
Нармандыі. Менавіта гэты дэсант сталінская гістарыяграфія лічыць адкрыццём другога фонту ў
Еўропе. Насамрэч для Вермахта гэта было аднаўленнем баявых дзеянняў на Заходнім фронце.
ДЗВЕ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ – ДВА СПОСАБЫ ВЯДЗЕННЯ ВАЙНЫ
Савецкая і постсавецкая прапаганда спрабуе прыпісаць сабе перамогу над нямецкім
нацызмам на той падставе, што СССР у гэтай вайне панёс найбольшыя страты. Хісткі аргумент.
Вялікая частка стратаў выклікана людажэрчай палітыкай Сталіна і яго атачэння (чаго варты для
Чырвонай Арміі толькі адзін 1937-мы), спробамі перахітрыць і Гітлера, і лідэраў Брытаніі ды
Францыі, ваенна-тэхнічнай адсталасцю. Нехта сказаў, што гераізм патрабуецца там, дзе няма
кампэтэнтнага кіраўніцтва і належных сродкаў вядзення вайны. У першыя тыдні вайны
Чырвоная Армія страціла сваю перавагу над Германіяй у гарматах, танках, самалётах. У чым
заставалася бясспрэчная перавага СССР над Германіяй, дык у жывой сіле. І там, дзе не хапала
вайсковага майстэрства, належнай тэхнікі, – там для выканання пастаўленай задачы не
шкадавалі людскіх жыццяў. У літаратуры можна сустрэць адносіну 1:10. Гэта значыць, што да
аднаго забітага нямецкага жаўнера прыпадала 10 савецкіх.
Вельмі важна паглядзець, колькі савецкіх салдатаў і матросаў паклалі свае жыцці за адзін
квадратны кіламетр вызваленай сушы ды марской прасторы і колькі – амерыканскія,
брытанскія, французскія, канадскія...
Такая ўжо прырода еўрапейскай цывілізацыі і дэмакратыі. У Старажытнай Грэцыі стратэгаў
каралі за тое, што належным чынам не былі пахаваныя воіны. Еўраатлантычная цывілізацыя і
дэмакратыя вядуць свой радавод з Грэцыі. І амерыканскія, і брытанскія, і канадскія ўрады і
штабы працавалі пад пільным наглядам сваіх парламентаў і стараліся пазбягаць неапраўдных і
празмерных ахвяраў. Генералы змагарнай Францыі, хоць і не мелі над сабою парламенцкага
кантролю, былі таксама выхаваныя ў духу павагі да чалавечага жыцця. Заходнюю статыстыку
ваенных стратаў у параўнанні з савецкай можна лічыць бездакорнай.
Трэба было б было б супаставіць, колькі незваротных стратаў (у тым ліку палоннымі) панесла
Германія ў Атлантычным акіяне, у паўночных морах і ў Заходняй Еўропе і колькі – на Усходнім
фронце. Савецкай статыстыцы давяраць нельга. Чаго толькі вартыя лічбы 9, 20, 26 і 30 Столькі
мільёнаў людзей, паводле афіцыёзу, страціў СССР у вайне. Лічба ўзрастала па меры таго, як
падзеі вайны ўсё далей адыходзілі ў мінулае. Найбольш дакладныя лічбы нямецкіх стратаў ёсць
у нямецкіх архівах: мусіць, не трэба казаць, што такое нямецкая дакладнасць.
ПЕРААДОЛЕННЕ
Зноў і зноў трэба казаць, што эканоміка Злучаных Штатаў, Брытаніі, яе дамініёнаў і калоній і
блізка не была гэтак мілітарызаваная, як эканомікі СССР, Германіі і Японіі. Пры гэтым трэба
адзначыць, што Савецкі Саюз пераўзыходзіў Нямеччыну па ўсіх відах узбраенняў у разы. І што
ад савецкай артылерыі, авіяцыі і танкавых войскаў (асабліва пасля бітваў пад Дубнам і Сянном)
засталіся вартыя жалю астаткі, – у тым віна перш за ўсё Сталіна, наркама абароны Сямёна
Цімашэнкі і начальніка генеральнага штаба Георгія Жукава. Трэба адзначыць і тое, што ў ЗША
былі моцныя ізаляцыянісцкія настроі. І хто ведае, ці ўступілі б Штаты ў вайну, калі б не японцы,
не Пёрл-Харбар. А да гэтага Брытаніі трэба было адной адбіваць напады нямецкай авіяцыі і
шукаць сродкі супраць нямецкіх і італьянскіх падводных лодак і надводных караблёў.
Уступіўшы ў вайну з Японіяй і стаўшы саюзнікам СССР у антыгітлераўскай кааліцыі,
Злучаныя Штаты, а таксама брытанская карона мусілі весці вайну на ўсіх акіянах, а для гэтага
патрабаваліся магутны наводны і падводны флот, цяжкая авіяцыя, знішчальнікі, транспартныя
самалёты і ўсё, што для іх патрэбна. Для вядзення ваенных дзеянняў на сушы неабходныя былі
танкі, аўтамабілі, цягачы, паходныя майстэрні і электрастанцыі, зброя і сродкі абароны для
вайскоўцаў. А яшчэ – харчаванне, сродкі гігіены, медыкаменты, палявыя шпіталі і шмат чаго
іншага (не забудзьма таксама пра кінаперасоўкі).
Магчыма, заходнія саюзнікі нарасцілі б свой мілітарны патэнцыял хутчэй, калі б не СССР.
Краіна, якая мела ў сваіх нетрах усю табліцу Мендзялеева, сярэднеазіяцкія латыфундыі і вялікія
сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў Сібіры, Паволжы і інш. рэгіёнах, прасіла ў саюзнікаў не толькі
тэхніку – нават медзь і бавоўну, коўдры, абутак і харчы. І ўсё ж да сярэдзіны 1943 г.
амерыканцы і брытанская карона ўжо даволі ўпэўнена пачуваліся на моры, у паветры і на сушы.
ПАДРЫХТОЎКА
Нармандская аперацыя саюзнікаў мела кодавую назву “Овэрлорд”, высадка паветранага і
марскога дэсанту – “Нептун”.
Своесаблівай рэпетыцыяй аперацыі “Овэрлорд” была высадка саюзніцкага дэсанту на Сіцыліі
і Апенінскім паўвостраве. Але славутым і паспяховым аперацыям у Міжземным моры
папярэднічала бітва за прыморскі французскі горад Дзьеп у жніўні 1942-га. Брытанска-канадскія
войскі панеслі тады цяжкія страты. Урокі гэтай драматычнай бітвы не маглі не ўлічвацца пры
падрыхтоўцы аперацыі “Овэрлорд”. У Вялікабрытанію былі перакінутыя дзве амерыканскія
паветрана-дэсантныя дывізіі. Тут амерыканцы разам з саюзнікамі адпрацоўвалі тактыку высадкі
паветранага дэсанту. Паралельна адпрацоўвалася і тактыка высадкі марскога дэсанту.
Інтэнсіўныя вучэнні, якія не абышліся без людскіх ахвяр, доўжылася тры месяцы.
Нямецкая разведка не змагла даведацца, дзе ж будуць высаджвацца праціўнікі. Па-першае, з
10 раёнаў, у якіх праводзілася навучанне дэсантнікаў, толькі адзін сваім ландшафтам нагадваў
нармандскае ўзбярэжжа. Па-другое, высадка паветранага дэсанту планавалася ўначы, таму і
вучэнні праводзіліся, як правіла, не ўдзень. Па-трэцяе, саюзнікі запускалі дэзу і налётамі авіяцыі
давалі зразумець, што пераправа будзе ажыццяўляцца ў раёне Кале–Булонь. У гэта паверыў
адзін са стваральнікаў Атлантычнага валу, “ліс пустыні” фельдмаршал Эрвін Ромэль. Яго думку
падзяляў галоўнакамандуючы нямецкіх войскаў на Заходнім фронце фельдмаршал Герд фон
Рундштэт, бо праліў Па-дэ-Кале значна вузейшы за Ла-Манш. Берлін, хоць і меў на ўвазе
нармандскі варыянт, прыняў меркаванне маршалаў да ведама. У Берліне, акрамя таго, лічылі,
што заходнія аліянты могуць высадзіцца і ў Нарвегіі. І Гітлер трымаў там 13 дывізій.
ДАТА “R” І D-DAY
У красавіку 1944-га Уінстан Чэрчыль паведамляў Сталіну, што ў адпаведнасці з
дамоўленасцю, дасягнутай паміж кіраўнікамі ўрадаў Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў і
Савецкага Саюза ў Тэгеране, пераправа адбудзецца каля даты “R”. Гэтак шыфравалася 31 мая
1944 г. Дапускалася адступленне ад гэтай даты ў сувязі з умовамі надвор’я. Апошняе ж слова
належала генералу Дуайту Эйзенхаўэру, на якім ляжала адказнасць за правядзенне аперацыі. 8
мая, калі ў Італіі яшчэ ішла бітва пад Монтэ-Касіна, роўна за год да капітуляцыі Германіі, ён
вызначыў, што высадка паветранага і марскога дэсанту адбудзецца у дзень D (D-day). Так было
зашыфравана 5 чэрвеня. Тым часам саюзнікі, у шэрагах якіх змагаліся і беларускія хлопцы, 4
чэрвеня ўзялі Рым. Сталін віншаваў Франкліна Рузвельта “з вялікай перамогай”.
Планы планамі, а мора морам. Мора не дало саюзнікам пачаць аперацыю ў D-day. Яе
давялося адкласці на суткі.
Такой аперацыі не ведала гісторыя. З боку саюзнікаў у ёй удзельнічала 150 тыс. чалавек. За 9
гадзін да пачатку аперацыі пачалася інтэнсіўная бамбёжка нямецкіх пазіцыяў. Затым пасля
поўначы ў самалёты пагрузіліся 24 тыс. брытанскіх, амерыканскіх, канадскіх і французскіх
парашутыстаў (13100 чалавек былі амерыканцамі). Калі стрэлкі гадзіннікаў паказалі 6:30,
пачалася высадка марскога дэсанту, а ўдзень на планерах высадзіліся яшчэ 3937 салдатаў.
Каб уявіць, што ўяўляў сабою флот заходніх аліянтаў, працытую з ліста Чэрчыля да Сталіна
ад 14 чэрвеня: “Горад караблёў расцягнуўся ўздоўж узбярэжжа амаль на 50 міль”.
Да вечара 6 жніўня саюзнікі захапілі тры плацдармы, на якіх замацаваліся 5 пяхотных і 3
паветрана-дэсантныя дывізіі, а таксама бранятанкавая брыгада. Саюзнікі прайшлі ўглыб
французскай тэрыторыі ад 3 да 5 кіламетраў.
Ведама, раптоўнасць заўсёды прыносіць псіхалагічную перавагу нападнікам, але ўсё ж
нямецкае войска аказала дастойны супраціў. Быў момант, калі амерыканскі генерал Амар Брэдлі
ледзь не даў загад адмяніць высадку дэсанту на тым участку, за які ён адказваў. У першы дзень
аперацыі “Оверлорд” немцы вывелі са строю 6603 амерыканцы і каля чатырох тысяч брытанцаў
і канадцаў. Быў забіты, паранены ці прапаў без весткі кожны 15-ты ўдзельнік аперацыі. Страты
зменшыліся ў наступныя дні.
Што дзіўна, дык тое, што ўсе дзеянні праціўніка ў паветры, на моры, а потым і на сушы
маршал Рундштэт успрыняў спачатку як дэманстрацыю з мэтаю адцягнуць увагу немцаў ад
раёна Кале–Булонь і таму не дазваляў перакінуць частку войска на нармандскае ўзбярэжжа.
11 чэрвеня Сталін пісаў Чэрчылю: “Як відаць, дэсант, задуманы ў грандыёзных маштабах,
удаўся цалкам. Я і мае калегі не можам не прызнаць, што гісторыя не ведае іншага падобнага


пачынання з гледзішча яго маштабаў, шырокай задумы і майстэрства выканання. Як вядома,
Напалеон у свой час ганебна праваліўся са сваім планам фарсіраваць Ла-Манш. Істэрык Гітлер,
які два гады хваліўся, што ён здзейсніць фарсіраванне Ла-Манша, не рашыўся зрабіць нават
намёк на спробу ажыццявіць сваю пагрозу. Толькі нашым саюзнікам удалося з гонарам
здзейсніць грандыёзны план фарсіравання Ла-Манша. Гісторыя адзначыць гэтую справу як
дасягненне найвышэйшага парадку”.
***
Сталін не быў бы Сталіным, бальшавікі не былі б бальшавікамі, калі б не перакруцілі
гісторыю і супольную з саюзнікам перамогу над нацысцкай Германіяй не пачалі амаль цалкам
прыпісваць сабе, згадваючы пра заслугі братоў па зброі як пра нешта няважнае. Навучальная
кніга “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны”)
паказвае, што паслядоўнікі Сталіна працягваюць яго справу і ў Рэспубліцы Беларусь.
Мы ж уявіць сабе не можам, як разгорвалася б наступальная аперацыя Чырвонай Арміі ў
Беларусі, калі б не высадка саюзнага дэсанту ў Нармандыі, калі б не наступ саюзнікаў (у дадатак
да італьянскага тэатру ваенных дзеянняў) на Заходнім фронце. Адно можам сказаць пэўна:
Чырвонай Арміі ўдалося дасягнуць поспеху ў Беларусі і таму, што “дасягненне найвышэйшага
парадку” было здзейснена ў Нармандыі.
Анатоль СІДАРЭВІЧ
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Тэкст, змешчаны вышэй, напісаны пяць гадоў таму і апублікаваны ў газеце “Наша Ніва”
(2014. 11 чэрвеня). Гэтуе ж пасляслоўе я пішу дзеля таго, каб удакладніць асобныя моманты.
Першае і галоўнае, што выпускалі і выпускаюць з-пад увагі савецкія і постсавецкія людзі:
эканоміка ЗША і Вялікабрытаніі ў 1930-х гг. не была мілітарызаваная ў такой меры, як
гаспадаркі СССР, Нямеччыны і Японіі. Па стану на 1 верасня 1939 г. ЗША мелі трохі больш за
500 танкаў. Гэтулькі ж танкаў перад пачаткам Другой сусветнай вайны мела ў Еўропе і
Вялікабрытанія. Да таго ж па многіх параметрах брытанскія танкі саступалі савецкім, нямецкім і
амерыканскім. На пачатку вайны ў Злучаным Каралеўстве налічвалася толькі 488
бамбрардзіроўшчыкаў (у немцаў – 1500 машын). Пасля сутычак з Вермахтам у 1939 г. у
Злучаным Каралеўстве, паводле Чэрчыля, засталося 20 тысяч падрыхтаваных жаўнераў, 200
гармат і 50 танкаў. 1939–1941 гг. для ЗША і Злучанага Каралеўства былі гадамі пераводу
эканомікі на ваенныя рэйкі, нарошчваеннага мілітарнага патэнцыялу дзяржаў.
Другое. Калі чытаеш нашы падручнікі, складваецца ўражанне, што пасля французскай
кампаніі 1940 г. Заходні фронт для Нямеччыны “зачыніўся”. Але ж была берагавая абарона ў
Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, а 26 кастрычніка 1940 г. у Францыі была сфаміравана група
армій “D”. З 15 красавіка 1941 г. гэтую групу сталі называць Галоўнакамандаваннем “Захад”
(Oberbefehlshaber «West»). Нямецкія войскі будавалі Атлантычны вал. У жніўні 1942 г. яны
паспяхова адбілі спробу саюзнікаў узяць порт Дзьеп у Нармандыі, а ў лістападзе таго ж года
акупавалі вішысцкую частку Францыі, выйшлі на паўднёвае ўзбярэжжа Францыі. Вялі яны
таксама аперацыі супраць французскіх партызанаў і засыланых у Францыю дыверсійных груп.
Існавала пасада камандуючага войскамі на Захадзе. 15 сакавіка 1941 г. гэтую пасаду заняў
генерал-фельдмаршал Іоў Вільгельм Георг Эрдман фон Віцлебен. У сакавіку 1942 г.
камандуючым стаў генерал-фельдмаршал Карл Рудольф Герд фон Рундштэт (Rundstedt). 2
ліпеня 1944 г. – за 4 дні да высадкі дэсанту ў Нармандыі – яго змяніў фельдмаршал Ганс Гюнтэр
Адольф Фердынанд фон Клюге (kluger Hans – разумны Ганс, як яго празвалі ў войску).
Адначасова з Рундштэтам і Клюге тамсама служыў і “ліс пустыні” – фельдмаршал Эрвін Ойген
* * *
Яганэс Ромэль, які камандаваў групай армій “В” (дзве арміі). А яшчэ там з пачатку 1944 г. былі
група армій “G” (дзве арміі) і танкавая група “Захад”. Немалая сіла.
І не забывайма пра Бітву за Атлантыку, у якой з верасня 1939 г. германа-італьянскім ваенна-
марскімі сілам супрацьстаялі матросы Вялікабрытаніі з Канадай, Францыі, Злучаных Штатаў і
Бразіліі. У гэтай бітве ўдзельнічалі таксама палякі, нарвежцы і галандцы.
Адначасова з марской Бітвай за Атлантыку вялася вайна ў паветры. Гэта не толькі налёты
Люфтвафэ на Англію, гэта таксама бамбардоўкі марскіх суднаў і баявыя сутычкі з самалётамі
саюзнікаў.
Усё гэта я пішу для таго, каб яшчэ раз падкрэсліць: 6 чэрвеня 1944 г. не 2-і фронт у Еўропе
адкрыўся, а аднавіліся актыўныя наземныя ваенныя дзеянні на Заходнім фронце. І аднаўленне
гэтых дзеянняў папярэднічала Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”, а таксама
Львоўска-Сандамірскай наступальнай аперацыі. І Гітлер мусіў ваяваць ужо на тры франты, бо
другі фронт у Еўропе (а насамрэч ужо трэці пасля Заходняга і Усходняга) саюзнікі адкрылі 10
ліпеня 1943 г., калі іх дэсант высадзіўся на Сіцыліі. Якраз перад танкавай бітвай пад
Прохараўкай.
Важна яшчэ раз адзначыць: дамоўленасць аб даце аперацыі “Овэрлорд” была
дасягнута на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў Злучанага Каралеўства,
Злучаных Штатаў і Савецкага Саюза, якая праходзіла 28 лістапада – 1 снежня
1943 г. На падрыхтоўку аперацыі адводзілася 6 месяцаў. І саюзнікі выканалі
сваё абяцанне. І гэта пры тым, што Злучаныя Штаты, маючы свой першы фронт
у Ціхім акіяне ад Алеуцкіх астравоў да Новай Гвінеі, ведучы ў тыя дні зацятыя
баі на Марыянскіх і Каралінскіх астравах, мусілі ваяваць яшчэ на Італьянскім
фронце, рыхтаваць дэсантную аперацыю на паўднёвым узбярэжжы Францыі і
дапамагаць Брытаніі, Савецкаму Саюзу, Кітаю ды іншым краінам. Пра ўсё гэта
ў нашых падручніках можна прачытаць хіба што два-тры сказы.
P.P.S.
Дадаю савецкую паштоўку, якую масавым тыражом выпусцілі ў Савецкім Саюзе на заключным этапе ІІ сусветнай вайны. Гэтая паштоўка захоўваецца ў сямейным архіве супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Таццяны Леанідаўны Крохінай. Такія паштоўкі меліся ў чырвоаармейцаў. Іх атрымлівалі родныя і блізкія салдатаў І афіцэраў на ўсім абсягу Савецкага Саюза. Хто з радасцю, хто са слязьмі. Гэта яшчэ адзін напамінак пра ваенны саюз трох дзяржаў, саюз, пра які бальшавікі і іх духоўныя нашчадкі хацелі б забыць і прыпісаць перамогу над нацысцкай Германіяй сабе.
Дадаю савецкую паштоўку, якую масавым тыражом выпусцілі ў Савецкім Саюзе на заключным этапе ІІ сусветнай вайны. Гэтая паштоўка захоўваецца ў сямейным архіве супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі Таццяны Леанідаўны Крохінай. Такія паштоўкі меліся ў чырвоаармейцаў. Іх атрымлівалі родныя і блізкія салдатаў І афіцэраў на ўсім абсягу Савецкага Саюза. Хто з радасцю, хто са слязьмі. Гэта яшчэ адзін напамінак пра ваенны саюз трох дзяржаў, саюз, пра які бальшавікі і іх духоўныя нашчадкі хацелі б забыць і прыпісаць перамогу над нацысцкай Германіяй сабе.
Ведама, на гэтай паштоўцы мусіў бы быць і чацвёрты сцяг -- Кітайскай Рэспублікі на чале з Чан Кайшы, якая 8 год вяла вайну з Японіяй і прымушала Токіа трымаць на кантыненце вялікі воінскі кантынгент. Але ў Сталіна быў іншы погляд на рэчы. Пакуль армія Кітайскай Рэспублікі ваявала, армія Мао Цзэдуна адседжавалася ў пячорах. У 1945-м, пасля вайны з Японіяй, Сталін пакіне таварышу Мао шмат узбраенняў і такім чынам усадзіць нож у спіну свайму нядаўняму саюзніку. Штаты і Вялікабрытанія таксама добранькія: выгналі Кітайкую Рэспубліку з ААН і пасадзілі там камуністаў з КНР. Чаго не зробіш дзеля рынкаў...
* * *