КАЛІ ВЕРНЕЦЦА МЯККІ ЗНАК?

У гэты дзень, 26 жніўня 1933 года, была прынятая прынята пастанова Савета народных камісараў БССР, якая дагэтуль падзяляе “шчырых беларусаў” на “чыстых” і “нячыстых”. Большасць ведаюць пра пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» СНК БССР тое, што яна скасавала мяккі знак у некаторых словах. Але філолагі-адмыслоўцы кажуць пра тое, што адным мяккім знакам тут не абышлося.
Пастанова СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу” унесла значныя змены ў правапіс (замацаванне акання ва ўсіх ненаціскных складах пасля цвёрдых зычных, адмена перадачы на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, змяненні ў напісанні некаторых запазычаных слоў). Здавалася б, ну і што? Пасля рэвалюцыі шмат зменаў былі і ў рускай мове: напрыклад, адмена непатрэбных “яцяў” і цвердага знаку напрыканцы словаў. Але адмыслоўцы лічаць, што беларуская мова была скажоная на карысць расійскай.
Напрыклад, гісторык, прафесар Леанід Лыч лічыць, што ў рэформе было больш палітыкі, чым філалогіі. “З увядзеннем новага правапісу беларуская мова воляй пэўных людзей была істотна набліжана да расійскай, шмат у чым страціўшы сваю самабытнасць, а галоўнае — магчымасць супраціўляцца асіміляцыі з боку апошняй. Свядомае, мэтанакіраванае набліжэнне да расійскай мовы відаць хаця б з новага напісання наступных слоў: цвет замест цьвет, адпаведна снег — сьнег, з'есці — зьесці, гарадскі — гарадзкі, волжскі — волскі, метр — метар, фунт — хунт. У дачыненні да небеларусаў лічылася правільным ужываць толькі Іосіф, Нікалай, а беларусы маглі пры жаданні пісаць свае імёны Базыль і Васіль, Восіп і Язэп, Янка і Іван. Менавіта з гэтага часу і пачалося перакручванне ў розных асабовых дакументах напісання самабытных, арыгінальных беларускіх імёнаў, у выніку чаго нанесена вялікая шкода нацыянальнай культуры. Набліжэннем правапісу беларускай мовы да расійскай трэба лічыць дазвол на пашырэнне ў першай дзеепрыметнікавых форм, напісанне не пад націскам «о» ва ўсіх інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах, напісанне «не» і «без» праз «е» незалежна ад націску наступнага за ім слова. Асіміляцыйная накіраванасць рэформы 1933 года з'яўляецца яе галоўнай сутнасцю, дамінантай. Усё пазітыўнае ў рэформе — вельмі нязначнае ў параўнанні з нанесенай ёю шкодай беларускай мове”, — піша Леанід Лыч.
Той жа пазіцыі прытрымліваецца філолаг, мовазнаўца Вінцук Вячорка. “Гэта нельга лічыць нейккім прагрэсам: прагрэсам гэта называлі бальшавікі, якія русіфікавалі беларускую мову”, — заявіў ён карэспандэнту “Товариш.online”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “русіфікацыйная палітыка” тады ішла па ўсіх савецкіх рэспубліках: і ва Украіне, і ў краінах Цэнтральнай Азіі, дзе традыцыйную лацінку пераводзілі на кірыліцу, і русіфікацыя ў нейкай ступені закранула нават ідыш.
Што ж кепскага было ў той рэформе? На думку Вячоркі, яна не мела як навуковага абгрутнавання, так і не адпавядала тэндэнцыям развіцця жывой беларускай мовы. Прынамсі, тое, чаму на вучылі ў школе: “Яке чуецца, так і пішацца”, пад час рэформы было значна ўскладнена.
“Дарэформенны правапіс быў па напісанні блізкі да вымаўлення. Прыкладам, “Нясвіскі” у выніку рэформы пачалі пісаць “Нясвіжскі”, а гэта ўжо прыводзіць да няправільнага вымаўлення, чаму нашая школа не вучыць. У выніку рэфармавання беларуская мова была адсечаная ад еўрапейскага культурнага кантэксту. У беларускай мове было шмат германчскіх і лацінскіх запазычанняў здаўна, у той час, калі ў Расію гэтыя словы прыходзілі толькі ў 18-19 стагоддзях. І русіфікацыя запазычанняў таксама была кепскай справай. Быў уведзены цэлы шэраг не ўласцівых мове дзўеепрыметнікаў, “эксплуаціруемыя”, “эксплуатуемыя” замест “якія эксплуатуюцца” і гэтак далей”, — кажа Вячорка.
Супрацьстаяць жа русіфікацыі мовы ў 1933 годзе амаль ніхто не мог, бо ўжо ў той час рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі прывялі да таго, што, напрыклад, ва ўсім інстытуце міовазнаўства не засталося ніводнага мовазнаўцы, лічыць спецыяліст. Разам з філолагамі і мовазнаўцамі былі высланыя і рыхтаваліся да знішчэння паэты і пісьменнікі, якія займаліся моўнымі пытаннямі. “У выніку, дзякуючы свайму аўтарытэту, застаўся толькі Якуб Колас, які з прыкрай усмешкай заўважаў, што гэтая рэформа мае палітычную матывацыю”, — адзначае Вячорка.
У выніку, па яго словах, дагэтуль у беларусі ёсць два варыянты правапісу і, часткова, два варыянты граматыкі. І нават не таму, што так склалася гістарычна, бо Заходняя Беларусь і эмігранцкія колы на савецкі правапіс не пераходзілі. А таму, што жывая мова нікуды не падзелася, яна мае свой уплыў, і “тарашкевіца” да яе бліжэйшая, чым “наркамаўка”. “Гэтая праблема не жахлівая, не непераадольная, але яна ёсць”, — кажа Вячорка.
Што ж тычыцца будучыні беларускай мовы, то Вячорка ўпэўнены, што Беларусь, калі будзе сапраўднай незалежнай нацыянальнай краінай, вернецца да “тарашкевіцы”. “Нездарма зараз антыбеларуская ўлада змагаецца з мовай юрыдычнымі інструментамі — напрыклад, уводзіць адказнасць для СМІ, якія карыстаюцца класічным правапісам. Нездарма і апошнія змены ў правапіс зацверджаныя ў якасці закону. Тыя ж, хто ў жыцці размаўляе па-беларуску, адзначце, карыстаюцца класічным правапісам”, — кажа мовазнаўца.
Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў падзяляе думку Вінцука Вячоркі. “Некаторыя элементы “тарашкевіцы” вяртаць трэба. І гэта трэба зрабіць пры найпершых спрыяльных умовах. Гэта тычыцца напісання мяккага знаку у некаторых словах, і напісання “ня” перад націскам. Дарэчы, пра такую рэформу ТБМ казаў яшчэ у 1990-х гадах мінулага стагоддзя. Што ж тычыцца напісання некаторых запазычаных і замежных словаў, то змяняць іх правапіс не варта”, — сказаў Трусаў карэспандэнту “Товарищ.online”.
Ён таксама падкрэслівае, што такое напісанне наблізіла б пісьмовую беларускую мову да жывой мовы. “Але трэба гэта рабіць, калі адносіны да мовы палепшацца, і будуць спрыяльныя ўмовы для такой рэформы. Гэта будзе такая “мяккая” рэформа, а не кардынальная”, — лічыць Трусаў.