БСДП ПАТРАБУЕ НОВЫХ ПРЭЗІДЭНЦКІХ, ПАРЛАМЕНЦКІХ, А ТАКСАМА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ

БСДП ПАТРАБУЕ НОВЫХ ПРЭЗІДЭНЦКІХ, ПАРЛАМЕНЦКІХ, А ТАКСАМА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ
ЗАЯВА
Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
17 жніўня 2020 г. г. Мінск
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) заяўляе, што выбары, якія адбыліся ў Беларусі 9 жніўня 2020 г., не былі празрыстымі і не адпавядалі міжнародным стандартам.
БСДП лічыць, што ўлада сфальсіфікавала вынікі галасавання, лічбы Цэнтрвыбаркама не з’яўляюцца сапраўднымі і Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца легітымна абраным Прэзідэнтам.
Выбарчая кампанія стала беспрэцэдэнтнай па колькасці парушэнняў, а таксама затрыманых і збітых журналістаў, незалежных назіральнікаў, грамадскіх актывістаў і звычайных грамадзян.
Упершыню пасля выбараў у выніку дзеянняў праваахоўнікаў загінулі людзі: у Мінску быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі, у Гомелі ад нялюдскага абыходжання памёр Аляксандр Віхор. На дадзены момант 81 чалавек лічыцца прапаўшым без звестак.
БСДП падкрэслівае, што ўлада пайшла на неабгрунтаваныя меры па абмежаванні правоў грамадзян на свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі (блакіраванне інтэрнэту і затрыманні журналістаў), свабоду мірных сходаў (разгон мірных дэманстрантаў з ужываннем света-гукавых гранат, траўматычнай і вогнепальнай зброі, шматлікія затрыманні). Маюцца шматлікія сведчанні аб катаванні затрыманых.
БСДП перакананая, што ў ходзе прэзідэнцкай выбарчай кампаніі беларускі і беларусы ўпершыню атрымалі маральную і псіхалагічную перамогу над дзеючай уладай, а ўлада пачала змаганне ўжо не з лідэрамі і актывістамі беларускай апазіцыі, а з беларускім народам.
БСДП выказвае падзяку тым сябрам участковых выбарчых камісій, якія ва ўмовах неверагоднага прэсінгу праявілі мужнасць і прынцыповасць і адмовіліся ўдзельнічаць у фальсіфікацыях і далі сапраўдныя вынікі галасавання.
БСДП лічыць, што Аляксандр Лукашэнка павінен неадкладна перадаць свае паўнамоцтвы законна абранаму Прэзідэнту Святлане Ціханоўскай.
БСДП лічыць, што выхадам з палітычнага крызісу з’яўляецца правядзенне новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, з новым складам чальцоў Цэнтральна й камісіі па правядзенні выбараў і рэспублікнскіх рэферэндумаў і ўключэннем у склад выбарчых камісій усіх узроўняй. прадстаўнікоў палітычных партый і кандыдатаў.