Хоць спачатку падзеі ва Украіне і падштурхнулі Аляксандра Лукашэнку наноў згуляць у любімую гульню, разважае эксперт Фінскага інстытута міжнародных справаў Аркадзь Мошас.

Аркадзь Мошас: “Спачатку Мінск традыцыйна паспрабаваў балансаваць. Магчыма, зыходзячы з асецінска-абхазскага сцэнару, з якога выйшлі з наборам абцякальных фармулёвак — нібыта і за тэрытарыяльную цэльнасць, а нібыта і з прызнаннем кіраўніцтва новага і пажаданнем яму поспехаў, і гэтая сустрэча з Турчынавым (выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Украіны — Еўрарадыё), але Масква дала зразумець у апошнія тыдні сакавіка, што так больш працягвацца не будзе. І адбылося вядомае галасаванне ў ААН, дзе высветлілася, што не толькі балансавальнай, але і хоць якой нейтральнай пазіцыі ў Беларусі няма”.

Не звяртаць увагі на незадаволенасць Масквы гульнёй Мінска “Захад—Усход” пасля Крыма ў кіраўніцтве Беларусі не маглі, тлумачыць фінскі эксперт.

Аркадзь Мошас: “Пасля Крыма зладзіць аншлюс Беларусі — гэта ўвогуле не праблема! Людзі, якія не палічылі, колькі будзе каштаваць Крым, гэтак жа не будуць лічыць, колькі будзе каштаваць Беларусь. Толькі за Беларусь яшчэ і Захад заступацца не будзе. Бо Захад даўно ўжо прывык лічыць Беларусь краінай, якая знаходзіцца ў сферы расійскага ўплыву. Таму добраахвотны рэферэндум — і шасцю абласцямі ў Расію, як гэта было прапанавана яшчэ ў 2002 годзе. Выключаць гэтага больш нельга. І Мінск, шчыра кажучы, павінен з гэтай нагоды “дзёргацца”.

                           Аркадзь Мошас

Праўда, працягвае Аркадзь Мошас, калі Крым пакінуў афіцыйнаму Мінску адну дарогу — на Усход, то падзеі на ўсходзе Украіны адкрылі новыя магчымасці для Беларусі.

Аркадзь Мошас: “Але абставіны пачалі змяняцца. Мы бачым, што адбываецца ва Украіне — што ніякага “расколу” і развалу Украіны па ўсім паўднёвым усходзе не адбываецца. Адбываюцца лакальныя непаразуменні ў Данецку, але нават калі Данецк ператворыцца ў міні-Прыднястроўе, гэта не канец і не раскол Украіны. І з’явіліся прыкметы, што Масква пачынае пераацэньваць сваю сітуацыю і свае рэсурсы. А ў такіх сітуацыях спадар Лукашэнка як палітык з вялікім стажам і як чалавек, які неаднаразова паказаў здольнасць “адціскаць” Маскву, убачыць, што ў яго ізноў з’яўляецца шанец”.

Шанец на тое, каб добра зарабіць на, да прыкладу, любімым праекце Пуціна апошняга часу — ЕўрАзЭС, пагаджаецца з калегам расійскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў.

Уладзіслаў Іназемцаў: “Узнікае сітуацыя, калі Лукашэнку можна паспрабаваць згуляць не на супярэчнасці паміж Расіяй і Захадам, а на эканамічных інтарэсах заходніх краін і Расіі. Бо па меры таго як будуць распаўсюджвацца тыя ж санкцыі і будзе паўставаць пытанне, як з Расіяй супрацоўнічаць, у Беларусі з’явіцца гістарычны шанец — у яе з’явіцца аргумент для еўрапейскіх інвестараў, для таго, каб ім ствараць свае прадпрыемствы і распачынаць бізнес у Беларусі пад пэўныя дзяржаўныя гарантыі. Бо гэта тэрыторыя Мытнага саюза, і адсюль можна весці такі ж экспарт у Расію, як і пастаўкі з расійскіх прадпрыемстваў. Не трапляючы пад розныя санкцыі і абмежаванні”.

                                        Уладзіслаў Іназемцаў

А калі яшчэ арганізавацца і пачаць гуляць “супраць Масквы” разам з Астаной, яшчэ адным сябрам Мытнага саюза, у якога шмат эканамічных прэтэнзій да Крамля, то нешта атрымаць можна і з Расіі, і з Казахстана, падказвае Іназемцаў. Іншая справа, што для будучыні Беларусі шлях выключна на Усход — не самы зайздросны.

Уладзіслаў Іназемцаў: “Безумоўна, паварот у бок Еўропы і інтэграцыі ў еўрапейскія эканамічныя структуры былі б ідэальнымі для Беларусі. Але ва ўладзе няма новага чалавека, няма еўрапейскага драйву, сітуацыя ў грамадскім меркаванні збалансаваная паміж Усходам і Захадам, а еўрапейскі выбар не выклікае энтузіязму ў насельніцтва. Таму арыентацыя на Расію на пакаленні наперад для Беларусі значна горшая, чым арыентацыя на Еўропу, але ў найбліжэйшы час гэтая тэндэнцыя наўрад ці будзе пераадоленая”.

З калегамі не зусім згодны расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. Па яго словах, беларускі МЗС дастаткова паспяхова прэзентуе Беларусь на Захадзе. Пацверджаннем гэтага можа служыць амаль поўнае маўчанне ў адказ на дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да актывістаў апазіцыі напярэдадні і падчас хакейнага чэмпіянату. Што да “анексіі” Беларусі Расіяй, то, упэўнены Суздальцаў, Крэмль ніколі на гэта не пойдзе — маўляў, яму гэта проста не патрэбна. Аднак пагаджаецца, што магчымасць гуляць у “арэлі” паміж Усходам і Захадам у Мінска магчымасцяў усё менш.

                              Андрэй Суздальцаў

Нагадаю, 21 траўня ў Таліне пачалася канферэнцыя "Выклікі Украіны і рэгіянальнае саперніцтва Захад—Усход у кантэксце Беларусі", удзел у якой бяруць беларускія, расійскія, украінскія і еўрапейскія палітолагі, эканамісты, сацыёлагі і аналітыкі. Сярод удзельнікаў — Алег Манаеў і Андрэй Суздальцаў, Леанід Злотнікаў і Аркадзь Мошас, Алесь Міхалевіч і генерал Антс Ляянеотс, Ганна Дынэр і Юрый Зісер.

              Палітолаг Аляксандр Класкоўскі і сацыёлаг Алег Манаеў

             Генерал Валерый Фралоў і ваенны эксперт Аляксандр Алесін

       Фінскі палітолаг Аркадзь Мошас і яго расійскі калега Андрэй Суздальцаў

                                      Алесь Міхалевіч і Юрый Зісер

Фота Змітра Лукашука