Трусаў Алег Анатольевіч

Трусаў Алег Анатольевіч Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. у г. Мсціславе. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Гісторык, археолаг. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. У 1976–1992 гг. працаваў у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце; з 1995 у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (у 1996–1998 гг. дэкан бібліятэчнага факультэта).
У БСДП уступіў 2 сакавіка 1991 г. на Устаноўчым з’ездзе партыі. У 1991–1992 гг. намеснік старшыні Цэнтральнай Рады, у 1992–1995 гг. – старшыня Цэнтральнай Рады партыі. Пазней неаднаразова выбіраўся ў склад Цэнтральнага Камітэта партыі.У 1991–1995 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, намеснік старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. З 1999 г. старшыня Таварыства беларускай мовы.
Аўтар больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку кніг: “Памятники монументального зодчества Белоруссии XI–XVII вв.: Архитектурно-археологический анализ” (1988); “Старадаўніх муроў адраджэнне: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка (1990; на беларускай і рускай мовах); “Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму” (1990); “Старажытны Мсціслаў” (1992; разам з М. Ткачовым); “Беларускае кафлярства” (1993); “Беларуская паліваная кераміка ХІ – XVIII стст.” (1993; разам з Н. Здановіч); “Стары замак у Гродне ХІ–XVIII стст.: Гісторыка-археалагічны нарыс” (1993; разам з В. Собалем і Н. Здановіч); “Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка” (1994; разам з Н. Здановіч і А. Краўцэвічам); “Манументальнае дойлідства Беларусі XI–XVIIІ стагоддзяў: Гісторыя будаўнічай тэхнікі” (2001); “Падсумаванне: Артыкулы. Спіс публікацый” (2004); “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах” (2009; 2013: 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае, на беларускай і англійскай мовах).