Помніцца, калі месцам правядзення Дня беларускага пісьменства было прызначана Глыбокае, я спытаўся: ці будзе належным чынам ушанаваны Вацлаў Ластоўскі, чые заслугі перад беларускім пісьменствам, беларускай кніжнасцю наўрад ці можна перабольшыць?
Сёлета 7 верасня ў Заслаўі абвешчана, што наступны Дзень нашага пісьменства адбудзецца ў Шчучыне.
Удалы выбар. Калі ў падыходзе да гэтага свята пераважыць культурніцкі, а не палітычны, не ідэалагічны падыход, з гэтага свята, як і з ганцавіцкага ды глыбоцкага, можа атрымацца памятная падзея.
Ведама, калі вядзеш гаворку пра Шчучынскі раён, першае імя, якое прыходзіць на памяць, – Цётка. Паэтка, рэдактарка часопіса для падлеткаў і моладзі “Лучынка”, заснавальніца першых беларускіх школ у Віленскім краі...
Нашай увагі да Цёткі, да яе заслугаў, нашай падзякі ёй ніколі не будзе зашмат: яна ў літаральным сэнсе слова жыццё сваё паклала за свой люд. Ды ўсё ж мы павінны памятаць, што панна Алёйзія Пашкевічанка, дачка багатага, але, як сведчыў Антон Луцкевіч, малакультурнага шляхціца, прыйшла, а дакладней вярнулася да свайго народа, звярнулася да яго мовы пад уплывам сына іншага багатага шляхціца – Вацлава Іваноўскага.
Пэўна, ужо ніхто ніколі не скажа, як так сталася, што падлетак Вацюк Іваноўскі, сын цывільнага генерала, адчуў сябе беларусам. І сваю беларускасць гэты хлапчук не саромеўся дэманстраваць у V варшаўскай гімназіі, якая дала не аднаго вядомага дзеяча польскай дзяржавы.